НІДЭРЛА́НДСКАЯ ШКО́ЛА,

адзін з вядучых творчых кірункаў у музыцы 15—16 ст. Склалася ў Нідэрландах (уключалі сучасныя Бельгію, Люксембург, Нідэрланды, Паўн.-Усх. Францыю; адсюль назва кірунку і яго падзел на некалькі школ паводле храналагічнай і стылявой прыкмет). Гал. прадстаўнікі 1-й Н.ш., бургундскай (ранняй нідэрландскай), — Г.Дзюфаі і Ж.Беншуа; 2-й, фламандскай, — І.Окегем і Я.Обрэхт; 3-й, франка-фламандскай, — Жаскен Дэпрэ; 4-й, англа-франка-фламандскай, — А.Ласа. Кампазітары Н.ш. абагульнілі дасягненні нар. і ранняга прафес. мастацтва Фландрыі, Бургундыі, Францыі і Англіі, стварылі новы поліфанічны стыль для хору a cappella, т. зв. строгі стыль (гл. Поліфанія) з характэрным для яго раўнапраўем галасоў, развітой імітацыйнай тэхнікай, складанымі кантрапунктавымі злучэннямі. Вядучыя жанры — меса, матэт, канон, поліфанічны шансон, мадрыгал, фратола, віланела, канцанета. Харавая меса існавала ў некалькіх разнавіднасцях, якія адрозніваліся кампазіцыйнай тэхнікай, тэкставай асновай, літургічнай функцыяй (месы-парафразы, месы-пародыі і інш.). Выпрацаваны разнастайныя прыёмы развіцця cantus firmus. Муз. тэарэтык Н.ш. І.Тынкторыс абагульніў муз.-тэарэт. погляды сваёй эпохі, сістэматызаваў муз. тэрміналогію («Вызначальнік музычных тэрмінаў», 1474), развіў тэорыю метрарытмічнай арганізацыі і інш. Прынцыпы, выпрацаваныя прадстаўнікамі Н.ш., сталі універсальнымі. У 20 ст. некат. іх прыёмы ўвайшлі ў тэхніку кампазітараў новай венскай школы, П.Хіндэміта, І.Стравінскага і інш.

Літ.:

Теоретические наблюдения над историей музыки: Сб. ст. М., 1978;

Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.

т. 11, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)